Мемарыяльны комплекс «Помнік воінам-інтэрнацыяналістам»

Ініцыятыва стварэння «Помніка воінам-інтэрнацыяналістам», якія загінулі ў Афганістане, належала Мінскаму клубу воінаў запасу «Памяць», Асацыяцыі членаў сем'яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане, «Памяць і абавязак».

Быў аб'яўлены конкурс на лепшы праект помніка.

Праект Ю. П. Паўлава прызнаны лепшым сярод дзевяці праектаў беларускіх скульптараў — удзельнікаў конкурсу, які прапанаваў усталяваць помнік на востраве ў лукавіне ракі Свіслач каля Траецкага прадмесця. Аўтарскі калектыў з г. Днепрапятроўска (цяпер — г. Днепр, Украіна) на чале са скульптарам Ю. П. Паўлавым, архітэктары: Таран С. Ф., Шульга В. М., Касенка В. В., Свірыданенка А. А., канструктар Сігаеў А. Ф. Помнік будаваўся каля шасці гадоў. Асноўныя работы праводзілі чыгуначныя войскі Рэспублікі Беларусь пад камандаваннем генерал-маёра А. Я. Сцяпука. Большую частку выдаткаў на будаўніцтва манумента ўзяла на сябе дзяржава, але і жыхары Рэспублікі Беларусь, грамадзяне былых саюзных рэспублік пералічвалі асабістыя сродкі на спецыяльны разліковы рахунак для будаўніцтва помніка.